Падчас фэстывалю адным з галоўных пытанняў стала сутнасць хрысціянскага кіно: якія фільмы могуць называцца хрысціянскімі?
Паводле старшыні фэстывалю Юрыя Гарулёва, „Magnificat 2008” зяўляецца прамым доказам таго, што жанр хрысціянскага кіно ў Беларусі развіваецца ў станоўчым накірунку.
Ю. Гарулёў: "Хрысціянскае кіно, безумоўна, існуе ў Беларусі. Адныя кажуць, што хрысціянскае кіно павінна гаварыць пра хрысціянскія каштоўнасці, пра Бога. Я лічу, што кіно – гэта не пропаведзь. Кіно трэба рабіць так, каб праз яго чалавек ішоў да веры, каб, гледзячы на экран, ён думаў пра Бога ды ішоў да Бога. Таму хрысціянскае кіно, на мой погляд, гэта такое кіно, якое вядзе чалавека да веры".
У сваю чаргу сябра журы, кінакрытык Галіна Шур зазначае, што кадры з малітваю ці абрадам не сведчаць пра хрысціянскі характар стужкі. Яна зазначае, што журы прыняло менавіта такую пазыцыю.
Г. Шур: "Тут пытаньне – ці мы кажам пра фільм, наўпрост звязаны з рэлігійнай тэмай, ці мы кажам пра фільм са звычайным жыццёвым сюжэтам, але паказаным з рэлігійнага пункту гледжання. Неабходна вызначыцца з прадметам фільму. На маю думку, хрысціянскае кіно – гэта тое кіно, якое падыходзіць да аб’екту, падзеі менавіта з хрысціянскай пазыцыі. У фільме можна і казаць пра Бога, і паказваць крыжы, абрады, але гэта не азначае, што фільм хрысціянскі. А калі мы бачым міласэрнасць, то можам казаць пра хрысціянскую стужку. Фільм павінен не толькі інфармаваць, але і адукаваць, і ўзвышаць. Хоць гэта спрэчнае пытанне, ці фільм можа змяніць чалавека. Мне здаецца, што калі дакумэнтальны фільм чалавека ўзрушае, ачышчае, гэта і ёсьць хрысціянскі фільм. Нават калі там не гучыць малітва".
Нагадаем, у Глыбокім завершыўся IV Міжнародны фэстываль хрысціянскіх фільмаў і телеперадач „Magnificat 2008”.