У трэці дзень фестывалю была паказана цікавая стужка ў рамках эксперыменту—“МАЯ ПЕСНЯ”. Па словах старшыні фестывалю Юрыя Гарулёва гэта цікавы момант, які дадае каларыт сёлетняму кінафоруму. “Чамусьці ў гэтым годзе, пэўна з-за таго, што наш фестываль стаў больш вядомы, да нас сталі дасылаць мастацкія фільмы. У нас у конкурсе няма такой катэгорыі. Відаць, гэта наша памылка, што мы не акрэслілі дакладна жанр дакументальнага кіно. Аўтары лічаць, што “Магніфікат” - такі вядомы фестываль, і пачалі дасылаць мастацкія фільмы. Мы не можам іх узяць у конкурс. Аднак фільм “МАЯ ПЕСНЯ” абапіраецца на дакументальнай аснове, утрымлівае дакументальныя фотаздымкі. Адначасова ў фільме ёсць элементы мастацкага ўвасаблення. Таму ў якасці эксперымента мы ўзялі гэты фільм у конкурс. Магчыма, мы падумаем над тым, каб у наступным годзе хрысціянскія мастацкія стужкі мелі магчымасць прымаць удзел у нашым фестывалі”.
Нашае шаноўнае журы безупынна працуе і абмяркоўвае конкурсныя фільмы. Ксёндз Андрэй Зайчык зазначае, што падчас агульных сустрэчаў трываюць вельмі грунтоўныя дыскусіі.
“Журы працуе ўвесь час, амаль кожны перапынак вымушанае недзе аддаляцца, размаўляць, рабіць свае высновы. На працягу дня адбываюцца, прынамсі, дзве сустрэчы.” Ксёндз Андрэй ужо трэці раз прымае ўдзел у працы журы. Ён адзначае, што з кожным годам узровень конкурсных прац павялічваецца, а выбар становіцца вельмі вялікім, таму не ўсе добрыя стужкі трапляюць у праграму фестываля. “Кожны год прыносіць новыя ідэі. Як заўсёды, у гэтым годзе ёсць фільмы, якія ўражваюць і захапляюць. Добра, што ёсць такія фільмы”. Ксёндз Андрэй не назваў магчымых лаўрэатаў фестывалю, і тым самым захаваў інтрыгу... “Яшчэ не ўсе фільмы прагледжаныя…Гран-пры першы раз прызналі ў мінулым годзе. Нам бы таксама хацелася, каб і сёлета была вызначана такая стужка, якая захапіла б усіх, паколькі ёсць вельмі вартасныя фільмы.” “Як я сябе адчуваю на фестывалі? Вельмі добра… Вельмі добрая, вельмі сяброўская атмасфера. Усе адзін другога ведаюць, вельмі добрыя адносіны, вельмі цёплыя.” “Склад журы штогод не адзін і той жа. Журы таксама змяняецца, але нам лёгка дамовіцца, мы ў пэўным сэнсе “чытаем” думкі адзін аднога. Ёсць нейкія свае напрацоўкі. Гэта вопыт.” Ксёндз Ян Глінка, прадстаўнік аргкамітэту, падзяліўся з намі сваімі думкамі на тэму Магніфіката 2008.
“Фестываль—гэта перш за ўсе такая творчая біржа ідэй і месца, у якім мы, можна сказаць, вандруем. Гэта міжнародны фестываль, і таму мы вандруем па ўсім свеце. Дзякуючы выбраным Селекцыйнай камісіяй фільмам, удзельнікі фестывалю маюць магчымасць сапраўды шмат чаго новага даведацца, і могуць таксама пазнаёміцца з месцамі і людзьмі ў розных кутках свету. Для прафесіяналаў, якія прыязджаюць сюды, фестываль звычайна з’яўляецца так званай тусоўкай тых людзей, якія гэтыя фільмы ствараюць. Для іх гэта магчымасць абмена творчымі ідэямі, і наогул, асабістых знаёмстваў. Гэта таксама вельмі важны фактар - пабыць разам. А потым працягваць сваю працу ўжо з новым натхненнем.”  Мемарыяльны комплекс "Прарыў" 
 Сустракаем гасцей!  Прыезд гасцей у Івесь.  Свята кіно ў Івесі |